МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст. Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар. выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял. Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.

А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.

Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)